ГІ́БАЧНАЯ МАШЫ́НА,

машына для выгінання пракату і труб у халодным або гарачым стане. Выкарыстоўваецца ў котла- і суднабудаванні, хім. і нафтавай прам-ці.

Ліставы пракат апрацоўваюць на прэсах і гібачных вальцах, гатунковы пракат і трубы — на ролікавых машынах. Пракат выгінаюць таксама на гарызантальных гібачна-штамповачных прэсах (бульдозерах) і правільных прэсах. Дробныя вырабы з калібраў, дроту або стужкі (шплінты, сашчэпкі, дэталі для радыёапаратуры і інш.) робяць на гібачных аўтаматах. Найб. пашыраны гібачныя машыны з 3 валкамі, на якіх выгінаюць лісты шырынёй да 9 м і таўшчынёй да 50 мм. Гл. Таксама Гібка.

т. 5, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)